Рашэннем раённага выканаўчага камітэта ДУА “Тальскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Любанскага раёна” прысвоена імя І.А. Муравейкі
У адпаведнасці з рашэннем Любанскага раённага выканаўчага камітэта 10 кастрычніка 2022 года № 2011 нашай школе прысвоена імя Івана Андрэевіча Муравейкі, дзіцячага паэта, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Любані. “Ім ганарыцца Беларусь, ганарыцца родная Любаншчына, дзе прапісана сэрца паэта”.
З гэтай нагоды 3 снежня ва ўрачыстай абстаноўцы ў фае школы прайшоў мітынг “Імя героя – школе”, прысвечаны прысваенню імя І.А. Муравейкі школе. Гэта мерапрыемства сабрала шмат ганаровых гасцей. З прывітальным словам звярнуліся Таццяна Леанідаўна Каравацкая, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама і дырэктар Тальскай сярэдняй школы Святлана Уладзіміраўна Арціменя. Яны павіншавалі вучняў і педагогаў з такой вялікай падзеяй у жыцці ўстановы.
Падзяку калектыву школы за ўшанаванне імя Івана Андрэевіча выказаў і сын паэта Міхаіл Іванавіч Муравейка.
Пасля мітынгу ўсіх гасцей запрасілі на літаратурна-музычную кампазіцыю “Тут на ўсё жыццё прапісана маё сэрца” ў літаратурны салон. У салоне Скрыпнік Н.Я., настаўнік англійскай мовы, ажыццявіла завочную экскурсію, якая яшчэ раз дала магчымасць прайсціся “сцяжынкамі” Івана Муравейкі. І прысутныя, і самі ўдзельнікі гэтага свята прыгадалі звесткі пра жыццё і творчасць Івана Муравейкі. Вучні захапляльна і артыстычна чыталі вершы паэта, вершы асабістага сачынення. А ўдзельнікі драматычнага гуртка “Тэатралы” ў каторы раз запрасілі на прагляд гумарэскі “Чужое пісьмо”. Закончылася мерапрыемства інструментальнай песняй на словы Івана Андрэевіча “Ляцелі гусі-лебедзі”:
Як ляцелі лебедзі
Над зямлёй вясенняю –
Выбіралі месцейка
Самае надзейнае,
Самае прыгожае,
Самае гасціннае …
Свята не пакінула абыякавым нікога з прысутных, бо яшчэ раз праз творы пісьменніка ўдзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы аб нязгаснасці дабра і прыгажосці чалавечай душы.