Самы цікавы ўрок сусветнай мастацкай культуры – гэта ўрок, на якім можна дакрануцца да твора мастацтва або ўбачыць яго “ўжывую”.
Пастаяць побач з творам і паспрабаваць зразумець той час, калі ён меў асаблівае значэнне.
Так, у нашай школе адбыўся падобны незвычайны ўрок для вучняў сёмага класа. Пасля вывучэння мастацтва першабытнага часу вучні разам з настаўніцай Скрыпнік Надзеяй Яўгеньеўнай здзейснілі невялікае падарожжа да так званага Божага каменя, які, безумоўна, мае адносіны да старажытных часоў.
Гэты камень знаходзіцца проста на ўзараным полі каля вёскі Ператок. Ён мае назву Слядок Божы або Божы камень. Пра яго шмат пісалі, камень – славутасць нашага Любанскага раёна. Гэта не толькі культавы рарытэт часоў язычніцтва, але і геалагічны помнік: ён аскепак дэвонскага пескавіку.
Шлях да яго хоць і быў доўгі, але вясёлы. Сямікласнікі вырашылі, што экскурсія будзе з элементамі тэатралізацыі, таму клас досыць нечакана ператварыўся ў старажытнае племя. Хтосьці стаў правадыром, хтосьці – шаманам альбо членам племені. Нават тыя, каму надарылася прымерыць да сябе ролю палонных, не сумавалі і не адчувалі сябе пакрыўджанымі.
Каля Божага каменя сямікласнікі зноў апынуліся ў першабытным часе, дзе правадыр сказаў сваё важкае слова, а шаман паклапаціўся пра ўдачу для ўсяго племені…
… Сёмы клас вяртаўся ў школу перакананы, што гэта не апошні ўрок мастацтва “на выяздзе”. Было цудоўна, цікава і запамінальна.