Государственное учреждение образования "Тальская средняя школа имени И.А.Муравейко" Любанский район Минская область

Як пачаць размаўляць па-беларуску?

Паважаныя бацькі, вось простыя парады для вас:

  1. Пазбаўцеся страхаў

Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:
А. Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову.

Але ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Б. Я з дзяцінства размаўляю па-руску, мая сям’я рускамоўная.

 А вы ўявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?

В. Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе, вёсцы на ёй не гаворыць.

Дык вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых, калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то, напэўна, задумаюцца.

Д. Гэта мова калхозу і апазіцыі.

Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!

2. Папаўняйце свой слоўнікавы запас

Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта магчымаа, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.

3. Пішыце па-беларуску

Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць прывыкаць да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.

4. Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў

Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавец ў краме, кіроўца маршруткі. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-руску.

5. Наведвайце беларускія імпрэзы

Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.

6. Пачніце ўжываць мову ў побыце

Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклым вам асяроддзі. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што рускамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.

7. Набярыцеся цярпення

Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!

 

 

Электронная «Книга памяти»

Электронная «Книга памяти» доступна по ссылке https://www.mintrud.gov.by/ru/kniga-pamyati-ru и QR-коду

 

 

 

© 2024 Государственное учреждение образования "Тальская средняя школа имени И.А.Муравейко" Домен зарегистрирован 27.05.2020. Регистационный номер в БЕЛГИЭ 167352