Перадача акання на пісьме
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ненаціскныя фіналі -эль , -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
альма-матэр альма-матар
камп’ютэр камп’ютар
лідэр лідар
прынтэр прынтар
шніцэль шніцаль
АЛЕ: унтэр-афіцэр
Заўвага! Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Юпітэр.
Перадача акання на пісьме
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” на канцы нескланяльных іншамоўных слоў пасля галосных не пад націскам пішацца а.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
адажыо адажыа
Ватэрлоо Ватэрлоа
Токіо Токіа
партфоліо партфоліа
трыо трыа
Заўвага! Антоніа (м.р.), Эміліа(м.р.) і г.д.
Антонія (ж.р.), Эмілія (ж.р.) і г.д.
Перадача якання на пісьме
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў першым складзе перад націскам у лічэбніках і ўтвораных ад іх назоўніках пішацца літара я.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
дзевяты дзявяты
дзесяты дзясяты
дзевятка дзявятка
семнаццаць сямнаццаць
васемнаццаць васямнаццаць
пяцьдзесят пяцьдзясят
шэсцьдзесят шэсцьдзясят
АЛЕ: семсот, восемсот
Звярніце ўвагу! У лічэбніках семдзесят і восемдзесят у паслянаціскным складзе пасля дз пішацца е. У парадкавых лічэбніках сямідзясяты і васьмідзясяты пасля дз у першым складзе перад націскам пішацца літара я.
Правапіс галосных
Літары э, е
На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геагарафічных назваў пасля зычных, акрамя к, л, пішацца э: купэ, рэзюмэ, кафэ, Душанбэ, Морзэ, Брыгвадзэ; але: філе, піке, камюніке.
Літары э або е ў сярэдзіне запазычаных слоў пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішуцца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, маянэз пішуцца з літарай э, а словы медаль, менеджмент, парламент– з літарай е.
!!! Напісанне э, е ў такіх словах вызначаецца па слоўніку.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
экземпляр экзэмпляр
тунель (тунэль) тунэль
інтэрнет (інтэрнэт) інтэрнэт
Правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах
Калі спалучэнні іо, йо вымаўляюцца як адзін склад, тады на пісьме яны перадаюцца:
— пасля галосных — праз ё пад націскам і я не пад націскам: маёр, раён, маянэз, Мая, Нью-Ёрк. Калі спалучэнні вымаўляюцца іо, йо вымаўляюцца як два склады, тады на пісьме яны абазначаюцца:
— у пачатку слова — літарамі іо пад націскам і іа не пад націскам: іон, Іосіф, Іаан, іанізацыя.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
Нью-Йорк Нью-Ёрк
Йоркшыр Іаркшыр
Йашкар-Ала (Іашкар-Ала) Іашкар-Ала
Правапіс некаторых спалучэнняў зычных
У асобных словах адбылося спрашчэнне груп зычных: гістарычныя спалучэнні здн, згн, стн, скн, стл, рдн вымаўляюцца як зн, сн, сл, рн, што адлюстроўваецца на пісьме: праязны, капусны, шчаслівы, міласэрнасць.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” спалучэнне сн пішацца і ў запазычаных словах.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
аванпостны аванпосны
фарпостны фарпосны
баластны баласны
кантрастны кантрасны
кампостны кампосны
Правапіс прыстаўных галосных
Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і, а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, зардзецца, замшэлы, вокамгненна.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
заржавець і заіржавець заржавець
зардзецца і заірдзецца зардзецца
Правапіс устаўных зычных
Устаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў перад націскным у: павук, цівун, каравул, есавул, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павуцінне, цівуном, каравульны, есавульскі.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
есаул есавул
есаульскі есавульскі
Правапіс у складовага і ў нескладовага ў пачатку слова
Нескладовае ў пішацца ў пачатку слова пасля слова, якое заканчваецца на галосную: пайшла ў лес, моцны ўдар.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ў іншамоўных словах не пад націскам пасля галосных пішацца ў.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
ва універсітэце ва ўніверсітэце
для уніятаў для ўніятаў
прыгожая уверцюра прыгожая ўверцюра
каля універмага каля ўнівермага
Заўвага! Пад націскам гук [у] не чаргуецца з [ў]: Люблінская унія, новыя унты, да урны.
Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае: ва Узбекістан, да Усяслава.
Правапіс у складовага і ў нескладовага ў сярэдзіне слова
Нескладовае ў пішацца ў сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыторыя, аўдыенцыя, паўза, каўчук.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
сауна саўна
фауна фаўна
раунд раўнд
клоун клоўн
АЛЕ: траур, трыумфальны
Заўвага! 1. Пад націскам гук [у] не чаргуецца з [ў]: аул, баул, аукаць.
2. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах на –ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, страус, радыус.У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Каратау, ноу-хау, ток-шоу. Але: шоўмен.
Правапіс мяккага знака
Мяккі знак пішацца для абазначэння на пісьме мяккасці [н] перад суфіксам -ск- у прыметніках, утвораных ад назваў месяцаў, якія заканчваюцца мяккім [н'], і назоўніка восень: студзеньскі, снежаньскі, чэрвеньскі, ліпеньскі, жнівеньскі, восеньскі, а таксама ў суадносных назвах: Чэрвеньскі раён, Ліпеньская школа.
У прыметніках, утвораных ад іншых назоўнікаў на –нь, мяккі знак не пішацца: конь – конскі, Любань – любанскі, Астрахань – астраханскі.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” мяккі знак не пішацца і ў прыметніках, утвораных ад назваў кітайскага паходжання на –нь: Цянь-Шань – цянь-шанскі.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
цянь-шаньскі цянь-шанскі
чань-чуньскі чань-чунскі
Правапіс абрэвіятур
У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі савет), прафсаюз (прафесійны саюз), прамкамбінат (прамысловы камбінат), лясгас (лясная гаспадарка).
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
прафком прафкам
аблвыканком аблвыканкам
лінкор лінкар
газпром газпрам
ваенком ваенкам
Правапіс і, ы, й пасля прыставак
Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, пад-, раз-, з-(с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб- са словамі, што пачынаюцца з і, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, зымправізаваць, сысці, адыменны, спадылба, субынспектар, дэзынтэграцыя.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
субінспектар субынспектар
дэзінфекцыя дэзынфекцыя
дэзінфармацыя дэзынфармацыя
Правапіс прыставак с- і з-
Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць. Але: зымправізаваць, зыначыць.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
зэканоміць сэканоміць
Правапіс дзеяслоўных суфіксаў –ава-(-ява-), -ірава-(-ырава-)
Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам –ава- (-ява-): фальсіфікаваць, арыентаваць, ліквідаваць, ангажаваць.
Дзеяслоўны суфікс –ірава- (-ырава-) ужываецца:
калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам
-ава- (-ява-): газіраваць – газаваць, пасіраваць – пасаваць, камандзіраваць – камандаваць;
калі дзеяслоў без –ір (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: лабіраваць, лавіраваць, курыраваць;
калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: юсціраваць, зандзіраваць, манціраваць.
У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: запраграмаваць і запраграміраваць, дыскутаваць і дыскусіраваць.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
дыферэнцыраваць дыферэнцаваць
Правапіс вялікай і малой літар
З вялікай літары пішуцца ўсе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Кітайская Народная Рэспубліка.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
Вялікае княства Літоўскае Вялікае Княства Літоўскае
З вялікай літары пішуцца аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох: Адраджэнне, Крычаўскае паўстанне, Крыжовыя паходы, Супраціўленне, Лядовае пабоішча.
ПАРАЎНАЙЦЕ:
1959 г. 2008 г.
першая сусветная вайна Першая сусветная вайна
другая сусветная вайна Другая сусветная вайна
Вусная народная творчасць – сродак развіцця маўленчай дзейнасці дашкольнікаў