Государственное учреждение образования "Тальская средняя школа имени И.А.Муравейко" Любанский район Минская область

Муравейка Іван Андрэевіч

Муравейка Іван Андрэевіч (нарадзіўся 21.10. 1921 г. у в. Таль) — паэт, самабытны і цікавы, усё сваё доўгае жыццё застаўся верным роднаму кутку, нікуды не выехаў з Любані. Тут працаваў у раённай газеце, ствараў свае творы, у якіх апяваў Палессе, успамінаў пера жытае... Куды толькі ні кідаў яго лёс за доўгія гады, але ён заўсёды вяртаўся сюды, на бераг Арэсы. А перажыць давялося сапраўды нямала. Яшчэ ў школьныя гады ў юнака акрэслілася цяга да роднага слова, вызначыліся літаратурныя здольнасці. Паступіў у Беларускі камуністычны інстытут журналістыкі, але ў тую ж восень Чырвоная Армія рушыла на захад, да берагоў Заходняга Буга, і Іван Муравейка на многія гады апрануў салдацкі шынель. Але баявое хрышчэнне атрымаў толькі праз два га­ды, на другой вайне, на Віцебшчыне ў ліпені 1941 г. Смаленск, Ярцава, жудасная Салаўёўская пераправа праз Днепр, Ельня... Не доўгім, але пакутліва цяжкім быў шлях Муравейкі ў тыя пякельныя летнія дні. 22 жніўня ў адным з баёў побач узарвалася варожая міна, асколкамі якой быў цяжка паранены Іван Андрэевіч.

 

Муравейка Іван Андрэевіч

Муравейка Іван Андрэевіч

Амаль паўгода знаходзіўся Муравей­ка ў шпіталі на Алтаі. Потым было вайсковае вучылішча, а праз пяць месяцаў паскоранай вучобы зноў фронт. Цяпер ён быў малодшым лейтэнантам, мінамётчыкам. Дарога ляжала на захад ад Волгі, зноў праз Днепр, а далей былі Вісла, Одэр, Шпрэе... 3 восені 1944 г. Іван Муравейка быў ужо супрацоўнікам дывізіённай газеты, по­тым — карэспандэнтам армейскай газеты.

У Любань вярнуўся толькі ў маі 1947 г. у пагонах старшага лейтэнанта, з трыма баявымі ордэнамі на грудзях і многімі медалямі. Адпачыў, падлячыўся і пачаў працаваць у Любанскай раён­най газеце адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, рэдактарам. У пачатку 60-х гадоў закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Да гэтага часу ў яго было ўжо нямала надрукаваных вершаў — ад першай спробы пяра яшчэ ў даваенныя гады ў дзіцячых і піянерскіх газетах і часопісах, у армейскім друку — аб вайне, баявых таварышах, вогненных дарогах да Перамогі... Але сапраўднае сваё прызванне паэт знайшоў у дзіцячай літаратуры, у вершах і казках для тых, дзеля будучыні якіх салдат ішоў у атаку...

Мінулае, перажытае не магло не даваць знаць пра сябе. У думках паэт часта вяртаўся ў сваю баявую маладосць. I вось у 1991 г., у год 70-гадовага юбілею паэта, у выдавецтве «Юнацтва» выйшла кніга Івана Муравейкі “Прынёс з вайны”, дзе былі змешчаны франтавыя замалёўкі, успаміны, дзённікі, былі, гумарэскі...

Матэрыял з кнігі “Памяць”

 

Ордэн Чырвонай Зоркі

Электронная «Книга памяти»

Электронная «Книга памяти» доступна по ссылке https://www.mintrud.gov.by/ru/kniga-pamyati-ru и QR-коду

 

 

 

Народны летапіс

© 2024 Государственное учреждение образования "Тальская средняя школа имени И.А.Муравейко" Домен зарегистрирован 27.05.2020. Регистационный номер в БЕЛГИЭ 167352